Фіданэт (Fidonet), ці проста Фідо - сетка кампутарных энтузіястаў, якая ўзьнікла ў тыя часы, калі Інтэрнэт быў даступны толькі ўнівэрсытэтам і амэрыканскай арміі.
Калі ў ЗША Брын і Пэйдж ужо вырашалі, як шукаць па агромністым зьвесткам Інтэрнэта, у Беларусі пра Інтэрнэт чулі толькі некаторыя. І Фідо (і фідо-падобныя сеткі) было асноўным сродкам "онляйн"-камунікацыі. На хуткасьці ў 2 кб/c.
Фідо было бясплатнай, але "гікавай" сеткай (для падключэньня трэба было некалькі гадзінаў разьбірацца ў сафце), і з трэскам прайграла жудасна дарагому, але даступнаму масам сусьветнаму павуціньню.
Мая нода, 2:450/200, зыйшла ў афляйн дзесьці ў 2006 годзе. З тых часоў я і ня бачыў GoldEd'а - самага вядомага UI фідо.
Але сетка жыве - энтузіязм нешматлікіх чальцоў не губляецца. І вось сёньня мой былы поінт (чалавек, якога я падключыў да сеткі) скінуў лінк на трэд на хабры. Растоўскія фідошнікі запусьцілі "вакно ў Фідо". Зараз ня трэба шмат гадзінаў на наладку - 5 сэкунд, і вы ўжо там. Для гэтага ў камандным радку (Run->Start, ці хоткей Win+R) увядзіце telnet bbs.rndfido.net. Абярыце "3" у якасьці кадыроўкі - і вы ў эхаканфэрэнцыі. Кіраваньне простае - стрэлачкі для перамяшчэньня, Insert для напісаньня новага ліста, Esc - для выхада да сьпісу эхаканфэрэнцый.
Самыя жывыя сярод прадстаўленых на гэтым сэрвісе - xsu.useless.faq, ru.cars.chainik, mo.echo, ru.linux, ru.os.cmp, xsu.cellular, su.philosophy, ctpahhoe.mecto
. Нажаль, беларускіх эхаў зусім няма.
Калі вы не былі ў Фідо, а цікава даведацца болей - то шлях, напрыклад, у суполку ЖЖ fidonet. Ці FAQ FIDONET.HISTORY.
Настальгія. Усё ж такі ўплыў немаленькі на мяне ў свой час зрабілі сеткі. І сісопкі "на леденце" (на плошчы Перамогі) былі самымі цікавымі півапойкамі таго часу. І мая станцыя называлася "The Tavern". :)
Цікава, калі вы ў першы раз чаціліся з кем-небудзь далёка? Я, як памятаю, у 1996.
ps: толькі што высьветліў, што Petr Didenko, @pdidenko, зь якім я піў піва пару тыдняў таму, гэта той самы легендарны хаб 2:5020/52, празь які ўся СНД атрымлівала пошту.
Post a Comment