25 мая, 2009

Уладзімер Каткоўскі rydel23 - сьветлая памяць!


Два гады таму з жыцьця пайшоў Уладзімер Каткоўскі, ён жа [info]rydel23.

Уладзімер Каткоўскі
Уладзімер Каткоўскі - адзін зь першапраходцаў беларускага і беларускамоўнага інтэрнэту. У ягонага ЖЖ, , да таго, як ён перанёс блог на сайт br23.net у сярэдзіне 2005 г., было каля 600 чытачоў; напэўна, ён быў самым папулярным беларускамоўным блогерам. Дагэтуль ягоны ЖЖ трымаюць у фрэндах амаль 500 чалавек.

УЛАДЗІМІР КАТКОЎСКІ

Каткоўскі — рупны web-мастак,
Умее зрушана, нязмушана
Сайт па-крывіцку ўбачыць так,
Што сайт
Рашуча зьбеларушвае
Ўсіх праз дапытны інтэрнэт,
Каму баліць крывіцкі сьвет.

© Рыгор Барадулін

12 жніўня 2004 года ён стварыў Беларускую вікіпэдыю на дамене be.wikipedia.org (які ганебна быў захоплены ў пачатку 2007 года, пакуль Уладзімер ляжаў у коме). Зараз у Вікіпэдыі - амаль 20 тысячаў артыкулаў.

Калі Google адной зь першых інтэрнэт-кампаній адкрыў магчымасьць перакладу інтэрфэйсу для валанцёраў, Уладзімер прыклаў нямала намаганьняў, каб перакласьці інтэрфэйс - і менавіта дзякуючы яму ўжо шмат гадоў можна карыстацца гуглам па-беларуску.

Ён стварыў сайт pravapis.org, які на доўгія годы стаў цэнтральным рэсурсам для ўсяго, зьвязанага зь беларускімі правапісамі - ад наркамаўкі і тарашкевіцы да лацінкі. Там заўсёды можна было знайсьці зводы правілаў, "лацінізатар", навуковыя тэксты пра мову. Нажаль, зараз сайт не адказвае. Адна зь першых вэрсіяў сайту даступная на geocities - але гэта ненадоўга, бо хутка Geocities зачыняюцца. Іншае ягонае стварэньне, якое перастала існаваць - сайт Мартыралёг Беларусі, які зьбіраў інфармацыю пра рэпрэсаваных у савецкія часы.

Уладзімер патрапіў у аварыю 15 чэрвеня 2006 года. Тады інтэрнэт-Беларусь згубіла самы моцны рухавік. Выдатна, што справа Ўладзімера працягваецца - тая ж Вікіпэдыя папаўняецца зьвесткамі, беларускія інтэрфэйсы сэрвісаў і праграмаў пашыраюцца, армія валянтэраў забясьпечвае, што ўсе новыя фічы пашукавіка Google перакладаюцца ў час. Я з свайго боку нешта раблю, каб новыя фічы траплялі і да беларускамоўнага інтэрфэйсу, і каб ён пашыраўся на новыя прадукты; нажаль, перавесьці пераклад з валянтэрскіх рэек на прафэсійныя немагчыма з-за малай запатрабаванасьці беларускай мовы беларускімі інтэрнэт-карыстальнікамі.

Юзэрпік rydel23 Уладзя цікавіўся ня толькі ўсім беларускім; на ягоным добравядомым юзэрпіку надпіс па-альбанску. Ягоная жонка - Ёнада - альбанка; і яны абодва выдатна ведалі і альбанскую і беларускую.

Добрыя артыкулы пра Ўладзімера былі на Свабодзе, дзе ён працаваў, і на Нашай Ніве, і цёплы пост расейскаю ад заснавальніка tut.by.

Я сам крыху ведаў Уладзю. Насамрэч, менавіта ён запрасіў мяне супрацоўнічаць з мэдыя-арганізацыяй TOL, дзякуючы якой я паўдзельнічаў у цікавых праектах, (зусім крышачку) навучыўся журналістыцы, пабачыў Прагу, Алматы і Вільню, пазнаёміўся зь дзясяткамі выдатных людзей.. празь якіх я патрапіў на баркэмпы, якія адкрылі мне новы сьвет. І ў самым выніку - я магу падзякаваць Уладзімеру за маё цяперашняе шчасьце. Вялізны дзякуй.

Спачатку мы сутыкаліся віртуальна. Мы разам працавалі над беларускай Вікіпэдыяй, чыталі блогі адзін аднаго. Але як дайшло да абмеркаваньня супрацоўніцтва, мы размаўлялі па тэлефоне. Калі я ехаў у Прагу на сустрэчу TOL, я плянаваў нарэшце "разьвіртуаліцца" з Уладзем.. але літаральна за некалькі дзён да майго прыезду і адбылося тое фатальнае здарэньне. Тады яшчэ я быў упэўнены, што разьвіртуаленьне проста адкладзенае на некаторы тэрмін..

Помнік Уладзімеру Каткоўскаму

Вялікая пашана і падзяка сваякам Уладзімера. Дзякуючы ім, ЖЖ і сайт Уладзімера яшчэ адкрытыя і даступныя. Дзякуючы ім, Уладзімер атрымаў выдатны помнік; гэта адзіны помнік, які я ведаю, на якім бы быў пазначаны інтэрнэт-юзэрнэйм. Яны сёньня запрасілі падзяліцца ўспамінамі; у мінулым годзе, яны ўручалі інтэрнэт-прыз імя Ўладзімера Каткоўскага.

Сьветлая памяць.

І запрашаю вас прыняць удзел у маленечкай жалобнай акцыі па зьмене юзэрпіку ў ЖЖ і сацыяльных сетках. Падрабязнасьці - у Сяргея Балахонава.

Фотаздымкі узятыя зь Вікіпэдыі: адсюль і адсюль.

Камэнтары 0 камэнтароў

Post a Comment

Пра мяне

Ігар Маханёк

Інжынэр-праграміст у Google.
Інфармацыйны гік.
Сам зь Менску, але зараз жыву ў швайцарскім Цюрыху.

ihar@mahaniok.com
@mahaniok_be у Twitter

Падпішыся Стужка


Падпісвайцеся на мой блог у Google Reader, па e-mail, альбо дадайце [info]mahaniok_be ў фрэндстужку ў ЖЖ.
Альбо проста фолаўце мяне ў твітэры, я зьмяшчаю ўсе спасылкі там:

Friend Connect Чытачы

Калі ласка, далучайцеся.

Мой профіль на Friendfeed Я ў інтэрнэце

Twitter


Friendfeed

Заўвага

Мае думкі і выказваньні могуць не адлюстроўваць пазыцыю майго працадаўца.